Віцебскі аблвыканкам купляе скураную мэблю "як у Патрыярха"
Аблвыканкам абвясціў тэндар на куплю шасці прадметаў "мэблі для сядзення". Каштаваць пакупка мае 50 мільёнаў рублёў, альбо каля 6000 долараў.
Паводле ўмоваў закупу, мэбля мусіць мець каркас і ўстаўкі з дрэва, а абіўку — з натуральнай скуры. Закупляюцца два камплекты з двухмесцавай канапы і двух крэслаў.
Мяркуючы па апісанні і ілюстрацыях, пішуць "Народныя навіны Віцебска", чыноўнікам спадабаліся прадукцыя кампаніі "Пінскдрэў". Гаворка ідзе пра серыі "Еўропа" і "Дэльта". Дарэчы, менавіта канапу "Еўропа" кампанія "Пінскдрэў" зрабіла для працоўнага кабінета Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.