Затрыманага ў Італіі беларуса асудзілі на чатыры гады турмы

Прысуд быў абвешчаны сёлета 28 жніўня і цяпер набыў моц. Абвінавачваны абскарджваіў прысуд, але безвынікова.

Як паведамляе БелаПАН, гісторыя адбылася яшчэ ў 2004 годзе. Тады 19-гадовы гамяльчук з таварышамі завабілі ў інтэрнат непаўналетнюю і згвалтавалі яе. Міліцыянты затрымалі аднаго з падазраваных, і ён быў асуджаны на пяць гадоў зняволення. А галоўнаму фігуранту справы ўдалося ўцячы. Ён даведаўся пра тое, што на яго пачалі крымінальную справу, і па турыстычнай пуцёўцы з'ехаў у Італію, дзе і застаўся жыць.

У Італіі гамяльчанін вывучыў мову, знайшоў працу, меў жыллё. У 2011 годзе ён паспрабаваў афіцыйна легалізавацца ў краіне. Калі яго стала правяраць паліцыя, выявілася, што гэты чалавек знаходзіцца ў вышуку па лініі Інтэрпола. Італьянскія ўлады выдалі яго ў Беларусь.

Па словах праваахоўнікаў, калі экс-гамельчаніна выклікалі ў паліцыю ў Італіі для гутаркі і там жа начапілі кайданкі, ён не разумеў, што адбываецца. У Італіі ён вёў законапаслухмяны лад жыцця, працаваў і не чакаў нічога падобнага.

Дарэчы, саўдзельнік згвалтавання, якому раней далі пяць гадоў за гэтае злачынства, ужо адбыў пакаранне. Цяпер на судзе ён выступаў сведкам.

Фота — as-avtoservice.ru