Саннікаў і Някляеў правядуць сустрэчу з выбарцамі на мінскай плошчы Свабоды

У Дзень Салідарнасці, які традыцыйна адзначаецца 16-га чысла, кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў сустрэнуцца з выбарцамі ў Мінску. Сустрэча адбудзецца ў 18.00 на плошчы Свабоды.
Нагадаем, акцыі салідарнасці з сем'ямі зніклых палітыкаў і з палітвязнямі адбываюцца ў Беларусі штомесяц ужо больш за 5 год. Першая акцыя прайшла на 6-я ўгодкі знікнення Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара, кажа прадстаўнік "Хартыі-97" Аляксандр Атрошчанкаў:

"Першы раз дзень салідарнасці адбыўся ў кастрычніку 2005 года, калі за месяц да гэтага была жорстка разагнаная акцыя прысвечаная памяці скрадзеных і забітых Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, і цяпер кожны месяц яна адбываецца 16 чысла".

Акцыі салідарнасці праходзілі не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах Еўропы, ЗША і нават у Аўстраліі. Людзі выходзяць з партрэтамі палітвязняў і зніклых на вуліцы гарадоў. Нярэдка іх разганялі, затрымлівалі, збівалі.

За гэтыя гады акцыі праходзілі ў розных фарматах, у тым ліку 16 чысла увечары запальвальваліся свечы ў вокнах. На працягу апошніх месяцаў у Дні салідарнасці кандыдаты ў прэзідэнты праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі ў беларускай сталіцы.