Шукаюць відавочцаў наездаў: аўтамабіля — на дзяўчынку, раварыста — на хлопчыка
Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці шукае відавочцаў дарожна-транспартнага здарэння ў Докшыцкім раёне, у выніку якога загінула 3-гадовая дзяўчынка. Каля 8-й гадзіны раніцы 14 чэрвеня 2016 года на 90-м кіламетры дарогі Лагойск — Зембін — Глыбокае — мяжа Латвіі (у раёне вёскі Юхноўка) легкавік Citroen Jumpy збіў дзіця, якое пераходзіла праезную частку. Ад атрыманых траўм дзяўчынка памерла ў аўтамабілі хуткай меддапамогі.
Як адзначае Святлана Сахарава, афіцыйная прадстаўніца УСК па Віцебскай вобласці, Citroen Jumpy кіраваў 50-гадовы кіроўца. Ён ехаў у бок Бягомля. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "парушэнне правіл дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека" (ч. 2 арт. 317 КК). Кантактныя тэлефоны для відавочцаў здарэння гл. тут.
Тым часам мінская міліцыя шукае відавочцаў наезду раварыста на дзіця. Як паведаміла БЕЛТА прэс-афіцэр Ленінскага РУУС сталіцы Таццяна Кавалёва, здарэнне адбылося а 20-й гадзіне 26 чэрвеня каля дома № 66/4 па вуліцы Якубава. Невядомы раварыст збіў 7-гадовага хлопчыка на пешаходнай дарожцы побач з дзіцячай пляцоўкай. На месца выклікалі "хуткую". Медыкі забралі пацярпелага з сабой у бальніцу, пасля чаго веласіпедыст з месца здарэння з'ехаў. Цяпер праваахоўнікі яго шукаюць. Кантактныя тэлефоны для відавочцаў здарэння гл. тут.