Скрэпы, якія ўхваляюць вайну, — гэта і ёсць “вялікая расійская культура”
Расія на свае вочы бачыла жах грамадзянскай вайны, злачынствы гітлераўцаў ды іншыя трагічныя падзеі сучаснай гісторыі. Чаму цяпер у Расіі з’явілася насельніцтва “Z”, якое ўхваляе крывавую мясарубку, распачатую РФ ва Украіне? Куды падзелася гістарычная памяць і “вялікая расійская культура”?
— Калі мы кажам пра [расійскую. — Еўрарадыё] духоўнасць, маральнасць ці пра высокую культуру, то, на маю думку, на сённяшні дзень гэта велізарны міф, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў. — Ён быў створаны постмадэрнісцкай, сучаснай культурай. Як механізм стрымання гвалту і войнаў гэтая канцэпцыя ўвогуле не працуе. Яе, па сутнасці, не існуе, як і іншых механізмаў. Механізмаў міжнароднай сістэмы бяспекі, існавання цывілізаванага Захаду, які павінен стрымліваць нейкім чынам гэтыя злачынствы, якія ўвесь свет пабачыў на ўласныя вочы. Па сутнасці, тое, што гадамі стваралася агульнай людской цывілізацыяй, яно разбурана менавіта тымі ўчынкамі, якія зрэалізавалі не толькі расійскія вайскоўцы, але і агульнарасійскае кіраўніцтва.
— Буча [маюцца на ўвазе ваенныя злачынствы супраць мірнага насельніцтва ва ўкраінскім горадзе Буча. — Еўрарадыё] паказала тое, што зараз чалавецтва, па сутнасці, стаіць перад вялікім выклікам фармавання той сістэмы маральных і духоўных каштоўнасцяў і сістэмы палітычнай супрацьвагі, якая павінна не дапусціць гэтага ў будучыні, — працягвае палітолаг. — На жаль, мы бачым, што на працягу канца дваццатага — пачатку дваццаць першага стагоддзя прыкладаў таго, што могуць рабіць людзі з іншымі людзьмі на масавым узроўні, было вельмі шмат. Гэта і Руанда, і Югаславія, Сірыя, Ірак. Мы бачым, што свет не здолеў выпрацаваць такіх механізмаў духоўнасці, ментальнай свядомасці, якія маглі б быць эфектыўнымі. Якія б увогуле маглі не дапусціць таго, што мы пабачылі ў Бучы. А сёння яшчэ мы пабачылі ў Краматорску, калі расійскія войскі чарговы раз здзейснілі злачынства, выкарыстаўшы ракету “Точка-У”, накіраваўшы яе на чыгуначны вакзал, дзе загінула больш за трыццаць чалавек.
Няўжо “вялікая расійская культура” назаўжды пакінула “глыбінны расійскі народ”?
— Што тычыцца Расіі ў прыватнасці, то агульна ўсё, за чым мы назіраем, гэта і ёсць “глыбінны рускі народ”, пра які пісалі і які ўсхвалялі расійскія літаратары. Якія гаварылі пра глыбокую, таямнічую, сакрэтную духоўнасць гэтага рускага глыбіннага народа, на якім трымаецца ўся Расія, — кажа Павел Усаў. — І вось чым насамрэч з’яўляецца гэтая глыбінная культура і глыбінны рускі народ.
Расійская інтэлігенцыя, якая імкнулася абудзіць рускі народ яшчэ з часоў народнікаў у дзевятнаццатым стагоддзі, была ўпэўнена ў тым, што сам па сабе народ не вінаваты ў тым, што з ім робяць, альбо ў тым, што робіць ён. Ва ўсім вінаватая ўлада. З аднаго боку, так, бо ўсё ж такі эліты фармуюць народ. А з іншага боку, гэтае дзікунства было і застаецца элементам самой расійскай гісторыі і вынікам яе функцыянавання. Гэта з’яўляецца паказчыкам таго, што культура і расійскі народ — гэта абсалютна розныя паняцці. Калі мы кажам пра “вялікую расійскую культуру” і “вялікі расійскі народ”, то культура не была і ніколі не стане нечым адзіным. Таму што гэты глыбінны народ — я на сто адсоткаў упэўнены — ніколі нават у руках кнігу не трымае.
— Навошта такая культура, якая не ў стане стварыць нармальнае, цывілізаванае грамадства? Калі б насамрэч існавала нешта такое, як вялікая расійская культура, з асноўнымі базавымі прынцыпамі любові да бліжняга свайго — тое, што было і ёсць усхваляна ў Дастаеўскага ці нават у Талстога, — то вайны ў прынцыпе не было б.
Дэфіцыт гэтай культуры, фактычна яе знішчэнне, нівелірызацыя ў свядомасці расійцаў прывяло да таго, што Расія стала краінай-агрэсарам. Сама па сабе культура ператварылася ў зброю, якая выкарыстоўваецца менавіта для таго, каб трывала гэтая бездухоўнасць глыбіннага расійскага народа. Калі б у Расіі былі сапраўдныя каштоўнасці, сапраўдная свядомасць і адкрытасць, то такой постаці, як Пуцін, ніколі б не існавала, — рэзюмуе Павел Усаў.