Слуцкія чыноўнікі не дазволілі акцыю, прысвечаную паўстанню 1920 года

Традыцыйная акцыя, прысвечаная Слуцкаму збройнаму чыну, апынулася пад пагрозай зрыву. Слуцкія чыноўнікі забаранілі мітынг каля гарадскога музею. Нібыта, пляцоўка "не прызначаная для правядзення масавых мерапрыемстваў". Аднак шмат гадоў на ёй адзначаліся ўгодкі антыбальшавіцкага паўстання і ніякіх праблемаў у арганізатараў не ўзнікала. Нагадаем, акцыя адбываецца ў апошні тыдзень лістапада - ў першы тыдзень снежня. Звычайна, заяўкі падаюць альбо Партыя БНФ, альбо КХП-БНФ. Сёлета падавала Партыя БНФ і ўпершыню за апошнія гады атрымала адмову. Вось што гаворыць лідэр "Моладзі БНФ" Франак Вячорка:

"Чыноўнікі не прапануюць альтэрнатыўнага варыянту. Не прапануюць мітынг у іншым месцы, а проста адмаўляюць безальтэрнатыўна. У гэтым мы бачым парушэнне закону і збіраемся абскарджваць такое рашэнне спачатку ў райвыканкаме, патрабаваць альтэрнатыўнага месца, а потым падаваць у суд".


Нагадаем, акцыя ў Слуцку была запланаваная на 23 лістапада. І моладзь з Мінску мае намер ехаць у гэты горад у любым выпадку.