Сёння ў Мінску і Жодзіне адбудуцца суды над затрыманымі актывістамі

Суды над затрыманымі актывістамі пройдуць у панядзелак у Жодзіне і Мінску.  У Жодзінскім судзе будуць судзіць арганізатараў акцыі, прымеркаванай да святкавання Дня Волі. 23 сакавіка ў мясцовым гарадскім парку сабраліся каля паўсотні чалавек. Яны прайшлі калонай да помніка “Героі жывуць вечна”. Дэманстранты ўсклалі кветкі і запусцілі ў неба белыя і чырвоныя балонікі.

Міліцыянты затрымалі Паўла Красоўскага, Юрася Жылку, Аляксандра Камароўскага і Юрыя Сілкіна. Іх абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі і адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Сёння ў суд Ленінскага раёна Мінску прывязуць з турмы на вуліцы Акрэсціна Марыю Аліеву і Алену Напорку. Жанчын затрымалі ўвечары 22 сакавіка супрацоўнікі міліцыі, калі тыя раскідвалі па паштовых скрынях газету “Вольная Серабранка”. У Марыі Аліевай у сумцы засталося 20 газет, а ў Алены Напоркі – 46.

 Міліцыянты склалі пратакол за распаўсюджванне друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных. Жанчын яны дадому не адпусцілі, а адвезлі ў турму на вуліцы Акрэсціна.
Раней за распаўсюджванне газет без выходных дадзеных міліцыянты неаднойчы затрымлівалі людзей. Суды распаўсюджвальнікаў каралі штрафамі.

Тое, што жанчын-пенсіянерак да суду змясцілі ў камеру – беспрэцэдэнтны выпадак, адзначае "Радыё Свабода".