У Гродне стартавала акцыя “Адновім Каложу разам!” (фота)

Акцыя “Адновім Каложу разам!” распачалася ў пятніцу ў межах Дзён еўрапейскай спадчыны ў Гродне. Пад сценамі царквы ўрачысты старт кампаніі дала намесніца мэра горада Ірына Сенчанкава: "Я заклікаю ўсіх, хто сёння прысутнічае тут і хто адсутнічае. І работнікаў культуры і мастацтва, і інтэлігенцыю, і бізнэсмэнаў, і прадстаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, навуковых устаноў адгукнуцца і падтрымаць гэтую акцыю. Здзейніць гэты акт добрай волі!"

Для збору сродкаў на рэканструкцыю аднаго з самых старажытных беларускіх храмаў, які быў пабудаваны ў канцы XII стагоддзя, адкрылі дабрачынны рахунак. Яго рэквізіты, а таксама праект аднаўлення царквы, размешчаныя на сайце аблвыканкама.

Некаторыя гісторыкі не давяраюць праектам архітэктараў і рыхтуюць альтэрнатыўную дыскусію наконт рэканструкцыі помніка. Яны выступаюць за тое, каб да яе прыцягвалі замежных спецыялістаў. Гісторык Андрэй Вашкевіч не выключае звароту ў офіс ЮНЭСКА.


Выступае намесніца старшыні гарвыканкама Ірына Сенчанкава