У Гродне змагаюцца з алкагалізмам выязнымі паседжаннямі суда

З пачатку года у Ленінскім раёне Гродна прайшло дзевяць выязных паседжанняў суда. Адбываюцца яны па месцы жыхарства грамадзянаў, якія злоўжываюць моцнымі напоямі (іх пад прымусам накіроўваюць на лячэнне ў ЛПП) альбо гандлююць падробным алкаголем. Вынікі паседжанняў друкуюць у газетах. З пачатку года ў раёне да крымінальнай адказнасці прыцягнулі 59 чалавек, канфіскавана 2370 літраў алкаголю, у тым ліку 90 літраў самагону. Паводле кіраўніцтва раённага аддзелу ўнутраных справаў, добрыя вынікі дала забарона продажу алкагольных напояў з 21-й гадзіны вечара да 8-й раніцы. Дзякуючы гэтаму менш людзей памірае ад атручвання алкаголем.

Яшчэ адно ноу-хау ў барацьбе з п’янствам – дабраахвотныя дружыны. Іх на тэрыторыі раёну дзейнічае ажно сямнаццаць, агульная колькасць удзельнікаў – 340 чалавек. Штодня на дзяжурствы ў грамадскія пункты аховы і аддзяленні міліцыі выходзяць сем-восем чалавек. Іх навучаюць, як трэба выяўляць факты незаконнага абароту спіртнога.