У Магілёве знайшлі падлеткаў, якія ўцяклі са спецшколы закрытага тыпу
Хлопцы не выязджалі з горада і начавалі на гарышчах дамоў.
Магілёўская міліцыя знайшла двух падлеткаў, якія ўцяклі са спецшколы закрытага тыпу. Высветлілася, што з Магілёва хлопцы не выязджалі. Яны начавалі на гарышчах тэхнічных паверхаў жылых дамоў у мікрараёне "Спадарожнік".
Як паведамляла Еўрарадыё, хлопцы ўцяклі прыкладна а 5-й гадзіне раніцы 24 жніўня. Уцекачамі сталі 15-гадовы ўраджэнец Пінска Андрэй Кахавец і 13-гадовы жыхар Петрыкаўскага раёна Алег Філіпаў. Шукаць падлеткаў дапамагаў пошукава-ратавальны атрад "Анёл".
З Магілёўскай спецшколы закрытага тыпу збеглі два падлеткі
Сайт магілёўскай міліцыі паведамляе, што знайсці падлеткаў удалося падчас праверкі дваровых тэрыторыяў. Каля трэцяй гадзіны ночы амапаўцы знайшлі ў мікрараёне "Спадарожнік" Андрэя Кахаўца. А каля 9-й гадзіны раніцы супрацоўнікі крымінальнага вышуку затрымалі і Алега Філіпава.