У Мастах пагражаюць падпісантам за апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты

У Мастах пачаўся ціск на людзей, якія падпісаліся за апазіцыйнага кандыдата ў дэпутаты. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў сам кандыдат у дэпутаты Мастоўскага райсавету і Гродзенскага абласавету, сябра Рады руху "За Свабоду" Алесь Зарэмбюк. Зарэмбюк: “Ціснуць на людзей, якія працуюць у дзяржустановах. Дакладна ведаю аб ціску на настаўнікаў. Іх прымушаюць адмовіцца ад таго, што яны за мяне падпісваліся і пагражаюць звальненнем з працы. Знайсці працу ў Мастах цяжка, таму людзі баяцца яе згубіць. На гэта і робіцца акцэнт. Мяне да гэтага моманту яшчэ не зарэгістравалі, таму думаю, што ўсё гэта робіцца, каб зняць мяне з выбараў“.

Нагадаем, Алесь Зарэмбюк у 2003 годзе набраў на выбарах 75% галасоў і стаў дэпутатам Мастоўскага раённага Савету. У 2007 годзе на выбарах у Мастоўскі райсавет, па афіцыйных звестках, ён прайграў 2 галасы праўладнаму кандыдату.