У Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне вулічнай акцыі 25 сакавіка
Акцыю плануецца правесці ў форме мітынгу і шэсця пад лозунгамі "Свабоду палітвязням!" і "Беларусь будзе вольнай!".
14 лютага ў Мінгарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне ў сталіцы 25 сакавіка вулічнай акцыі, прысвечанай чарговым угодкам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта БелаПАН паведаміў адказны сакратар управы Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч.
Акцыю плануецца правесці ў форме мітынгу і шэсця. Мітынг мяркуецца пачаць у 18.00 побач з будынкам прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. У 19.00 павінна пачацца шэсце да сквера імя Янкі Купалы, дзе з 20.00 да 21.00 плануецца правесці яшчэ адзін мітынг.
Заяўку ў гарвыканкам падпісалі лідары Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, прадстаўнікі кампаніі "Гавары праўду!" Андрэй Дмітрыеў, руху салідарнасці "Разам" Алесь Макаеў і аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Ірына Губская.
Нагадаем, 12 лютага Партыя БНФ на паседжанні сойма прыняла рашэнне прапанаваць усім партыям і арганізацыям адмовіцца ад выкарыстання падчас акцыі ўласнай сімволікі, прыйсці на яе толькі з бела-чырвона-белымі сцягамі. Арганізатары акцыі не выключаюць, што Мінгарвыканкам можа змяніць маршрут яе правядзення, дазволіўшы шэсце не да сквера Янкі Купалы, а да плошчы Бангалор. У такім разе фармат правядзення акцыі будзе абмяркоўвацца дадаткова.
фота: belmov.org