У Мінску адкрыліся фотавыставы "Вуліцы Ізраіля" і "Ізраіль новым позіркам"

У музеі Максіма Багдановіча ў Мінску 20 верасня адкрыліся фотавыставы "Вуліцы Ізраіля" і "Ізраіль новым позіркам", паведамляе БелаПАН.

Выстава "Вуліцы Ізраіля" з 15 каляровых фатаграфій паказвае хмарачосы ХХІ стагоддзя і дамы мінулага стагоддзя, пышныя бульвары і старыя вуліцы, утульныя дворыкі і вокны за ўзорчатымі краткамі, еўрапейскі стыль і ўсходні дэкор, Тэль-Авіў, які ў 2009 годзе адзначыў сваё стагоддзе, і адзін з найстарэйшых гарадоў свету - пяцітысячагадовую Яфу.

У зале музея экспануецца выстава "Ізраіль новым позіркам", на якой прадстаўлена 25 каляровых здымкаў — працы ўдзельнікаў Усеізраільскага фестывалю мастацкай фатаграфіі рэпатрыянтаў, якія прыбылі ў Ізраіль з розных краін свету. На здымках паказаныя помнікі гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны Святой зямлі, а таксама сцэнкі з жыцця ізраільцян.

Выставы працуюць да 5 кастрычніка.