У Мінску ўганаравалі лепшых футбалістаў, трэнераў і каманды сезона-2007

Вынікі футбольнага сезона былі падведзеныя ўчора ў Мінску. Урачыстая цырымонія прайшла сталічным футбольным манежы. Нагадаем, лепшым футбалістам краіны 2007 года быў названы Аляксандр Глеб, які выступае за лонданскі “Арсенал”.

Лепшым футбалістам нацыянальнага чэмпіянату, а таксама лепшым нападаючым і бамбардзірам прызналі Рамана Васілюка з “Гомеля”, лепшым варатаром – Сяргея Верамко з гродзенскага “Нёмана”, лепшым абаронцам – Арцёма Радзькова з БАТЭ, лепшым паўабаронцам – Ігара Стасевіча, які таксама выступае за барысаўскі клуб.

Лепшым трэнерам быў прызнаны Ігар Крывушэнка, які прывёў БАТЭ да чэмпіёнства, а цяпер збіраецца адрадзіць мінскае “Дынама”.

Прыз імя Аляксандра Пракапенкі “За футбольны талент і самааддачу ў гульні за Беларусь” атрымаў галкіпер нацыянальнай зборнай і клуба “Масква” Юрый Жаўноў.

Усе лаўрэаты атрымалі прызы асабіста, за выключэннем Аляксандра Глеба, які якраз удзельнічаў у чарговым матчы “Арсенала” ў чэмпіянаце Англіі. Узнагароду атрымалі бацькі футбаліста.

БелаПАН