У Навагрудку ўсталююць помнік заснавальніку ВКЛ вялікаму князю Міндоўгу

Збудаванне коннага помніка заснавальніку і першаму вялікаму князю Вялікага княства Літоўскага Міндоўгу плануецца ў 2009 годзе ў гістарычным цэнтры Навагрудка. Гэтая падзея прымеркаваная да 1000-годдзя першага ўзгадвання Літвы ў летапісах і 965‑годдзя Навагрудка (Наваградка) - першай сталіцы ВКЛ. Над праектам коннай статуі працуе мінскі скульптар Генадзь Буралкін. Ён прапануе адліць з бронзы Міндоўга з мячом на кані і ўстанавіць гэтую кампазіцыю на каменным пастаменце.

Як паведамляе БелаПАН, кіраўніцтва горада падтрымлівае праект ўзвядзення помніка, аднак дакладнае месца яго ўзвядзення і дата адкрыцця пакуль не вызначаныя.