У Пінску звольнілі ДАІшніка, які замест штрафаў прадаваў латарэйныя білеты

За продаж латарэйных білетаў звольнілі супрацоўніка ДАІ ў Пінску. Замест таго, каб штрафаваць парушальнікаў, ён прымушаў іх купляць латарэйкі. Падрабязнасці паведамляе наш карэспандэнт Глеб Паўлоўскі:

"У траўні сёлета Брэсцкі аблвыканкам выпусціў латарэю "За бяспеку", яе распаўсюдам занялася абласная ДАІ. За дробныя парушэнні правілаў дарожнага руху ДАІшнікі, замест складання пратаколу, прапаноўвалі кіроўцам набыць 10 латарэйных білетаў па 3 тысячы рублёў.

Кіроўцы пачалі пісаць скаргі. Пасля службовага расследавання некалькі службоўцаў ДАІ былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці, а пінчука звольнілі за парушэнне службовай дысцыпліны".


Дарэчы, у Пінску падобныя выпадкі былі і раней. Тры гады таму навязаныя ДАІшнікам латарэйкі аказаліся выйгрышнымі, і пакараны такім чынам кіроўца выйграў новы аўтамабіль і грошы.