У Польшчы праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў

А 13-й гадзіне па польскім часе свае галасы аддалі больш за 8 мільёнаў асобаў,а дакладней 26,63% выбарцаў, паведамляе Дзяржвыбаркам Польшчы. Гэта на 3% больш, чым у першым туры выбараў. Сярод вялікіх гарадоў лідзіруе Познань, дзе прагаласавала 30,7 % выбарцаў. Следам за ім ідзе Варшава з колькасцю 30,6% выбарцаў.
Другі тур прэзідэнцкіх выбараў праходзіць у нядзелю ў Польшчы. Кандыдатамі на пасаду прэзідэнта з'яўляюцца прадстаўнік правячай партыі "Грамадзянская платформа", спікер Сейма Браніслаў Камароўскі і кіраўнік апазіцыйнай партыі "Права і справядлівасць" Яраслаў Качыньскі.

Нагадаем, у першым туры выбараў за Камароўскага прагаласаваў 41,54% выбаршчыкаў, за Качыньскага — 36,46%.

Розніца паміж кандыдатамі палягае ў стаўленні да Еўрасаюза (Качыньскі — еўраскептык, Камароўскі прыхільны да ЕС), да штучнага апладнення для бясплодных пар (Камароўскі абяцае кампенсаваць яго, Качыньскі — пераследаваць як злачынства) і да парытэту жанчын у партыйных выбарчых спісах (Камароўскі — за 35%-ю абавязковую прысутнасць жанчын у партыйных выбарчых спісах, Качынскі — супраць парытэтаў).

Першыя неафіцыйныя вынікі галасавання (дадзеныя exit poll) будуць вядомыя адразу ж пасля закрыцця выбарчых участкаў. Чакаецца, што афіцыйныя вынікі галасавання абвесцяць у панядзелак, 5 ліпеня.


13:54. Яўка ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы вышэй, чым у першым

Ганна Балаховіч, Варшава

Яўка ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы вышэй, чым у першым, перадае польскі Дзяржвыбаркам. Да 8-й гадзіны раніцы прагаласавала больш за 2,5% выбарцаў (у першым туры гэтая лічба складала толькі 1,8%).

Найбольш актыўна галасуюць жыхары ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Напрыклад, у мясцовасці Устронь Морскі кожны пяты выбарца аддаў свой голас ужо а 8-й раніцы. Праўда, многія з іх з'яўляюцца турыстамі.

Вялікія чэргі за бюлетэнямі назіраліся і ў курортным горадзе Рэваль. У першым туры там прагаласавала ажно 82% выбарцаў. Сёння мясцовая камісія рыхтуеца да чарговага штурма турыстаў, якіх на ўчастках будзе ў 3 разы больш, чым мясцовых жыхароў. Каб сёлетнія выбары засталіся ў памяці людзей, ўлады горада для кожнага падрыхтавалі падарункі. Кожны дарослы атрымае асадку з памятным напісам, кожнае дзіця — цукерку, а кожны соты выбарца — кашульку з лагатыпам горада.

Ужо аддалі свае галасы і абодва кандыдаты ў прэзідэнты. Яраслаў Качыньскі прыйшоў на выбарчы ўчастак у Варшаве разам з пляменніцай і яе дочкамі. А Браніслаў Камароўскі разам з жонкай аддалі свае галасы мясцовасці Мацькова Руда, што ў паўночна-усходняй Польшчы. Прагаласваў ужо і прэм’ер Дональд Туск, праўда за бюлетэням яму прыйшлося адстаяць у невялікай чарзе.


16:33. На адным з выбарчых участкаў у Варшаве нехта распыліў пярцовы газ

Ганна Балаховіч, Варшава

А 13-й гадзіне па польскім часе свае галасы аддалі больш за 8 мільёнаў асобаў,а дакладней 26,63% выбарцаў, паведамляе Дзяржвыбаркам Польшчы. Гэта на 3% больш, чым у першым туры выбараў. Сярод вялікіх гарадоў лідзіруе Познань, дзе прагаласавала 30,7 % выбарцаў. Следам за ім ідзе Варшава з колькасцю 30,6% выбарцаў.

Найбольшая яўка ў курортных мясцовасцях, там ужо выдаюцца запасныя бюлетэні, аднак сябры выбарчых камісій супакойваюць, што іх хопіць на ўсіх.

Істотных парушэнняў выбарчай цішыні па ўсёй краіне не назіраецца, перадае польскі Дзяржвыбаркам. Найбольш сур’ёзны інцыдэнт на дадзены момант здарыўся ў Варшаве, дзе на адным з выбарчых участкаў нехта распыліў пярцовы газ. Аднак залу галасавання праветрылі і праз 20 хвілін камісія працягнула нармальную працу.



Фота — fakty.interia.pl