У Салігорску асуджаны на 15 сутак арышту прадпрымальнік Уладзімір Шыла

На 15 сутак арышту асуджаны салігорскі прадпрымальнік Уладзімір Шыла. Яго пакаралі за "ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу". Нагадаем, 2 сакавіка на цэнтральнай плошчы Салігорску адбыўся мітынг супраць адмены сацыяльных ільготаў, у якім удзельнічалі больш за 500 чалавек. Акцыя не была дазволеная гарадскімі ўладамі.

Шыла выступаў перад людзьмі з прамовай. Неўзабаве ён і яшчэ дзевяць маладых людзей былі затрыманыя і дастаўленыя ў міліцыю. Моладзь неўзабаве адпусцілі, а Шыла ноч правёў у ізалятары часовага ўтрымання.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у судзе ў якасці сведак выступалі супрацоўнік ідэалагічнага аддзела будаўнічай арганізацыі Анатоль Муха і прадстаўнік гарвыканкаму Вольга Ганчар.