У Салігорску збілі праваабаронцу: спачатку невядомыя, потым міліцыянты

Учора ўвечары ў Салігорску каля свайго дома была збітая праваабаронца Яна Палякова. Жанчына сама выклікала хуткую дапамогу і міліцыю. У лякарні ёй аказалі дапамогу, а потым праваабаронцу павезлі ў міліцыю. Там жанчыне стала кепска, яна паспрабавала выйсці не свежае паветра, але адчула ўдар. Паводле яе слоў, міліцыянт схапіў жанчыну за кофту і кінуў на падлогу. У выніку яна атрымала траўму нагі, паведамляе “Радыё Свабода”.

30 жніўня Яну Палякову ў цэнтры Салігорску затрымалі міліцыянты. Тады, паводле яе слоў, людзі ў цывільным і ўчастковы міліцыянт у пастарунку прапанавалі ёй падпісаць нейкія дакументы. Калі ж жанчына паспрабавала іх узяць, каб прачытаць, то атрымала моцны ўдар па руках, а потым яшчэ ўдары па нагах. Медыкі потым зафіксавалі пабоі.

Яна Палякова сёння мелася накіраваць скаргу ў пракуратуру на дзеянні міліцыянтаў, бо з абласной пракуратуры атрымала адмоўны адказ.