У Віцебску агульнанацыянальную дыктоўку напішуць пад адкрытым небам

Напісаць агульнанацыянальную дыктоўку, прысвечаную юбілею БНР, проста на вуліцы збіраюцца віцебскія апазіцыянеры Барыс Хамайда і Алена Залеская. Гэты намер яны выказалі пасля таго, як дырэктар абласной бібліятэкі Аляксандар Сёмкін адмовіў старшыні абласной рады Партыі БНФ Кастусю Смолікаву ў прадастаўленні памяшкання для напісання дыктоўкі. Паводле спадара Смолікава, дырэктар бібліятэкі лічыць напісанне дыктоўкі нямэтавым выкарыстаннем бібліятэчных памяшканняў. Таму 23 сакавіка ахвотныя напісаць дыктоўку будуць збірацца на прыватных кватэрах, а некаторыя напішуць яе пад адкрытым небам.

У Віцебску дыктоўку пісалі ўжо двойчы ў офісе Партыі БНФ, але невялічкае памяшканне не можа змясціць адначасова ўсіх ахвотных узяць удзел у акцыі.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск