У Віцебску выключылі са складу ўчастковай выбарчай камісіі яе старшыню
У Віцебску па скарзе праваабаронцы Паўла Левінава выключылі са складу ўчастковай выбарчай камісіі №35 Першамайскага раёну старшыню камісіі Андрэя Маркоўскага.
Спадар Левінаў даказаў, што Андрэй Маркоўскі, намеснік дырэктара прадпрыемства "Віцебскхлебпрам", не збіраў 10 рэкамендацыйных подпісаў грамадзян за вылучэнне яго ў склад выбарчай камісіі.
Да таго ж, Маркоўскі мог скарыстацца дадзенымі тых грамадзянаў, што аддалі свае подпісы за вылучэнне ў склад выбарчай камісіі Паўла Левінава.
Праваабаронца прадставіў заявы грамадзянаў, якія пацвердзілі, што падпісваліся за вылучэнне ў камісію Левінава, а не Маркоўскага.
Павел Левінаў збіраецца дамагчыся таго, каб праваахоўчыя органы пакаралі вінаватых ў падробцы дакументаў.