У Віцебску збіраюць грошы на падтрымку сям’і Каваленкі

У Віцебску абвешчаны збор сродкаў у падтрымку сям’і Сяргея Каваленкі. Ён змешчаны ў СІЗА за тое, што 7 студзеня вывесіў нацыянальны сцяг на навагодняй ёлцы на плошчы Перамогі.  Праваахоўныя органы кваліфікавалі ўчынак Каваленкі як хуліганства і распаўсюдзілі інфармацыю, што Сяргей ня толькі прымацаваў на ёлцы сцяг, але і пашкодзіў святочную ілюмінацыю ды парушыў канструкцыі ёлкі. Крымінальная справа на спадара Каваленку распачатая па ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэксу. Максімальным пакараннем можа быць пазбаўленне волі да шасці гадоў, мінімальным — трохмесячны арышт. Пакуль што Каваленка змешчаны ў СІЗА на два месяцы.

Зараз для падтрымкі сям’і Сяргея Каваленкі сабарана каля 300 тысяч рублёў. Грошы плануецца выдаткаваць на аплату паслуг адваката і дапамагчы сям’і Сяргея выплаціць штрафы, прысуджаныя яму раней.

Пачаліся і першыя інцыдэнты, звязаныя са зборам сродкаў. Так, Барыс Хамайда, які сёння разам з распаўсюдам незалежнай прэсы на сваім звыклым месцы каля так званага “сіняга дому” распачаў збор сродкаў, быў амаль адразу ж затрыманы міліцыянтамі. Спадара Хамайду завезлі ў РАУС, але пратакол не склалі, абмежаваліся нядоўгай размовай.