У Віцебску з’явіўся чарговы бел-чырвона-белы сцяг у гонар дзеячаў БНР

У нядзелю ўвечары ў Віцебску з'явіўся чарговы бел-чырвона-белы сцяг. Як паведаміў апазіцыйны актывіст Барыс Хамайда, гэта ёсць часткай бел-чырвона-белага марафону, што быў абвешчаны Міронам 19 студзеня.
З гэтага дня на дахах будынкаў у розных раёнах горада з'явілася каля дзесятка сцягоў у гонар палітыкаў, дзеячаў культуры, што мелі значную ролю у гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

У цыдулках, прымацаваных да сцягоў, Мірон згадваў імёны Антона Луцкевіча, Язэпа Варонкі, Язэпа Лёсіка ды іншых гістарычных асобаў. Па словах Хамайды, 9 сакавіка сцяг быў узняты ў гонар Васіля Захаркі. Мінакі маглі бачыць сцяг на будынку інтэрната медыцынскага універсітэта. Праз паўгадзіны яго знялі пры дапамозе аўтавышкі.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск