Ва Украіне ўспыхнулі самыя масавыя акцыі пратэсту за апошнія 5 гадоў
Прадпрымальнікі не задаволеныя Падатковым кодэксам і патрабуюць адстаўкі ўраду.
Хваля прадпрымальніцкага пратэсту супраць Падатковага кодэкса
ўскалыхнула Украіну. За апошнія 5 гадоў – гэта самая масавая акцыя.
Толькі каля Вярхоўнай рады ў Кіеве 18 лістапада сабралася больш за 50
тысяч прадпрымальнікаў.
Прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу
не задаволеныя тым, што новы кодэкс дае магчымасць правядзення
пазапланавых праверак і арышту маёмасці прадпрымальніка без рашэння
суда.
Парламенцкая большасць метадычна адхіляла ўсе папраўкі
апазіцыянераў і аднастайна галасавала за ініцыятывы прадстаўнікоў партыі
ўлады. У выніку кодэкс быў прыняты.
"Калі яны не пагодзяцца
ні на якія кампрамісы, то нам будзе кепска. Апроч абутку і адзення нам
нічым гандляваць будзе нельга. Мы не будзем мець права гандляваць, бо
з'яўляемся трэцяй асобай. Цяпер гандляваць змогуць толькі вытворцы і
аптавікі, а мы наогул – ніхто", – абураныя гандляры рэчавых рынкаў.
Тым
часам на пляцоўку перад парламентам ляцелі капейкі, памідоры і
туалетная папера. "Кожнаму дэпутату – мінімальны заробак!", –
скандзіравалі прадпрымальнікі.
"У нас свабодная дэмакратычная
краіна, таму тыя, хто пабачыў мінусы ў кодэксе выйшлі на вуліцу і
заявілі пра сваю нязгоду. Урад з павагай ставіцца да ўсіх грамадзян, да
ўсіх законных інтарэсаў, але я падкрэсліваю, што рашэнне мы прымаем у
інтарэсах пераважнай большасці нашага грамадства. Так, шматлікім
прадпрымальнікам давядзецца перабудаваць сваю дзейнасць у адпаведнасць
еўрапейскім цывілізаваным нормам, але робіцца гэта для таго, каб
выйграла усё грамадства, а эканоміка атрымала магутныя стымулы для
прыскоранага развіцця і дазволіла нам выйсці на прынцыпова новую якасць
жыцця", – заявіў украінскі прэм'ер Мікола Азараў на пасяджэнні ўраду.
Пасля прыняцця дакумента прадпрымальнікі абяцаюць дзейнічаць больш радыкальна і размаўляць з уладамі мовай ультыматумаў.
"У
выпадку, калі нашы патрабаванні не будуць выкананыя, мы, па-першае,
распачнём агульнанацыянальны страйк зусім іншага ўзроўню і зусім іншага
характару. Па-другое, мы ўжо сёння прынялі рашэнне, што мы ствараем
каардынацыйны савет, які будзе праводзіць рэферэндум аб датэрміновым
спыненні паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады і прэзідэнта Украіны", – заявіў прадстаўнік аргкамітэту прадпрымальнікаў Аляксандр Данілюк на сустрэчы з апазіцыйным урадам і лідэрам партыі "Бацькаўшчына" Юліяй Цімашэнка.
Паводле
яго слоў, сход першай ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму
адбудзецца 22 лістапада каля Адміністрацыі Прэзідэнта, нягледзячы на
магчымую судовую забарону правядзення такой акцыі.
У сваю чаргу
Юлія Цімашэнка паабяцала падтрымку і арганізацыйную дапамогу сваёй
партыі прадпрымальнікам, а таксама ахову і суправаджэнне калон
пратэстуючых з Майдана Незалежнасці да Адміністрацыі прэзідэнта.
Фота: Associated Press