Вайсковы суд не захацеў вывучаць збіццё Франка Вячоркі пры заборы ў войска

Мінскі міжгарнізонны вайсковы суд пакінуў без задавальнення скаргу па факце збіцця Франка Вячоркі пры ягоным прымусовым забіранні ў войска. Як паведаміў агенцтву БелаПАН бацька навабранца Вінцук Вячорка, ён прасіў адмяніць пастанову Мінскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры. 24 лютага яна адмовілася пачынаць крымінальную справу з нагоды збіцця маладога чалавека, і правесці дадатковую праверку па факце яго прымусовага закліку ў войска.

Рашэнне суда В.Вячорка назваў прадказальным. Але адзначыў, што падчас суда адбылася падмена паняццяў. Бацька вайскоўца не прасіў пачынаць на кагосьці крымінальную справу, а прасіў высветліць, з якога падрадзялення былі людзі ў цывільным, якія сіламоц Франка Вячорку ў войска, і пакараць іх паводле заканадаўства. Суд жа яму адмовіў у завядзенні крымінальнай справы.

Вінцук Вячорка будзе раіцца з юрыстамі, ці варта абскарджваць вырак суда: для гэтага ён мае 10 дзён часу.

Нагадаем, што ў ліпені 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Мінску прызнала Франка Вячорку непрыдатным да вайсковай службы па стане здароўя. У выніку яму далі адтэрміноўку ад службы да сакавіка 2009 года. Аднак 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна прызнаў юнака прыдатным да вайсковай службы. Суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджана рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў яго ў сіле. Суд прыняў рашэнне пры адсутнасці Франка Вячоркі і ягонага адваката.