Яўгенія Пастэрнак: Змены ў гімназіях апусцяць іх да звычайнай школы

Яўгенія Пастэрнак: Змены ў гімназіях апусцяць іх да звычайнай школы

Яўгенія Пастэрнак, пісьменніца якая склала адкрыты ліст чыноўнікам ад адукацыі і была адной з тых, хто склаў петыцыю "Абаронім школьнага настаўніка”, якую падпісала амаль 14 000 чалавек, выказалася наконт змен у гімназіях, якія распачало Міністэрства адукацыі:

"Усё гэта было чакана. Асаблівых ілюзій у мяне не было. Гэта цалкам разбурае статус гімназіі, таму што, калі туды пачынаюць набіраць усіх і па прапісцы, то яна ператвараецца ў звычайную школу. Навучальны ўзровень гімназіі апусцяць да звычайнай школы".

На яе думку, сэнс гімназіі быў у адборы дзяцей: "Ён адсякаў тых бацькоў, якім было напляваць на тое, як вучацца іх дзеці. Такога кантынгенту ў гімназіях няма. У класах аказваюцца матываваныя дзеці, матываваныя бацькі, якім важна, каб іх дзеці вучыліся".

Наконт таго, што ў міністэрстве адукацыі лічаць, што навучальныя планы школ і гімназій ужо цяпер маюць мінімальныя адрозненні, пісьменніца не згодная: "У гімназіі як мінімум на гадзіну ў тыдзень больш той жа матэматыкі. І замежнай мовы больш на гадзіну-дзве. І ў гімназіях амаль кожны дзень гэтыя прадметы. Гэта так падаецца, што крыху, а на самай справе, гадзін сорак дадатковых атрымліваецца. І гэта некалькі гадоў. Розніца каласальная".

Акрамя гэтага, Яўгенія Пастэрнак лічыць, што гэтыя змены адаб'юцца на якасці выкладання: "Добры настаўнік вышэйшай катэгорыі, вядома ж, пойдзе выкладаць у гімназію, да матываваных дзяцей. І адпаведна, гімназіі маглі ўтрымліваць выкладчыкаў за кошт гэтага. А калі пойдуць усе, то добрыя настаўнікі пабягуць адтуль".

Наконт профільнага навучання пасля 9-га класа пісьменніца лічыць, што ў прынцыпе, гэтая ідэя разумная: "Калі яны зробяць магчымасць вось гэтых спецкласаў, то трэба будзе шмат профіляў. Таму што цяперашнія профільныя класы — гэта абсалютная прафанацыя. Колькасць гадзін там ад звычайных класаў практычна не адрозніваецца".