З. Дашкевіч: Толькі на плошчы Каліноўскага наш голас пачуюць і палічаць

"Малады фронт" заявіў пра далучэнне да акцыі байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў, прызначаныя на восень. Як распавёў Еўрарадыё лідэр арганізацыі Зміцер Дашкевіч, на гэты крок маладафронтаўцы пайшлі пасля таго, як і Цэнтрвыбаркам, і адміністрацыя прэзідэнта адфутболіла ўсе прапановы з боку апазіцыі па дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Вось што кажа Дашкевіч:

"Усё гэта нагадвае гульню аднаго актора, у якой мы ўдзельнічаць не збіраемся. Таму заклікаем усіх грамадзянаў удзельнічаць у актыўным байкоце выбараў, то бо не ісці на выбарчыя ўчасткі, а ісці на цэнтральную плошчу Беларусі - плошчу Кастуся Каліноўскага. Гэта адзінае месца ў нашай краіне, дзе наш голас будзе сапраўды пачуты і палічаны".

Зміцер Дашкевіч
мяркуе, што сёлета можа быць абвешчана дзве стратэгіі байкоту: байкот поўны і частковы, калі кандыдаты-дэмакраты здымаюць свае кандыдатуры за некалькі дзён да выбараў і агітуюць людзей выйсці на плошчу.

Моладзевы лідэр лічыць, што байкот можа быць удалым:

"Ён мог бы прынесці свой плён. Таму што мы б пазбавілі Лукашэнку магчымасці легітымізацыі парламента. Нельга забываць, што ён можа гэта зрабіць, правёўшы туды 2-х ці 3-х апазіцыянераў. І пасля праводзіць з яго дапамогай любыя палітычныя спекуляцыі, як напрыклад аб'яднанне з Расіяй".