З-за выбараў арганізатары адмянілі тур Be Free па гарадах Беларусі

Тур Be Free па гарадах Беларусі сёлета не адбудзецца. Арганізатары вырашылі адмовіцца ад сваёй ідэі з-за прэзідэнцкіх выбараў.
Першапачаткова сёлетні фестываль Be Free мусіў прайсці ў Чарнігаве напрыканцы жніўня, але, нягледзячы на папярэднія дамоўленасці, мэрыя горада нечакана адмовіла ў яго правядзенні. У выніку арганізатары вырашылі зладзіць фестываль у выглядзе тура па беларускіх гарадах, але, як распавёў саарганізатар Віталь Супрановіч, і гэтая ідэя стала немагчымай.

Віталь Супрановіч: "Мы папярэдне правялі перамовы з гарадамі, але ніхто не хоча гэтым займацца да выбараў. Там напружаная абстаноўка, і так усе ўсяго баяцца, а тут яшчэ да выбараў "Будзь вольным". Арганізатары на месцах не бяруцца за гэтыя канцэрты".

Пакуль арганізатары плануюць перанесці Be Free-тур па беларускіх гарадах на бліжэйшую вясну, але да выбараў ні з кім дамаўляцца не збіраюцца. Нагадаем, што фестываль Be Free ладзіцца з 2007 года ў розных украінскіх гарадах — Луцку, Львове, Чарнігаве. Удзел у ім штогод брала каля 20 гуртоў з Беларусі, Украіны ды Польшчы. Дзе будзе праходзіць наступны фестываль пакуль не вядома, але цяпер вядуцца перамовы з украінскім Роўнам.

Фота: library.by