Затрымалі "тэлефоннага тэрарыста", які пагражаў падарваць цягнік на Маскву

Супрацоўнікі КДБ Беларусі затрымалі зламысніка, што пагражаў мінулай ноччу падарваць цягнік №30 Калінінград-Масква. Пра гэта "Інтэрфаксу" паведаміў начальнік прэс-службы УУС Калінінградскай вобласці Расіі палкоўнік Вячаслаў Багуцкі. "У цяперашні час супрацоўнікі КДБ Беларусі працуюць з затрыманым грамадзянінам. Яны высвятляюць матывы яго званка, у якім зламыснік заявіў пра намер падарваць цягнік", — паведаміў Багуцкі.

Па яго словах, у сувязі з затрыманнем падазраванага супрацоўнікамі КДБ Беларусі дадзены адбой "трывогі", абвешчанай ва ўсіх сілавых структурах Калінінградскай вобласці.

Нагадаем, у сувязі з ананімным званком пра магчымы выбух цягніка Калінінград-Масква 574 пасажыры былі эвакуяваныя ў Оршы ў ноч на сераду.

Міліцыя і выратавальнікі ачапілі тэрыторыю, абследавалі састаў дзеля выяўлення выбуховага прыстасавання, аднак нічога выяўлена не было.

Рух цягніка быў затрыманы на 2 гадзіны 11 хвілінаў, затым усе пасажыры былі адпраўлены ў Маскву на тым жа цягніку.