Журналіста Леўчука змушаюць заплаціць за камандзіроўкі былых калег
Былы карэспандэнт газеты “Знамя юности” Алесь Ляўчук павінен аплаціць камандзіроўкі журналістаў, якія прадстаўлялі выданне на папярэднім судовым працэсе.
Такое рашэнне прыняў брэсцкі суд.
Цяпер Ляўчук мусіць перавесці на рахунак газеты 1 мільён 100 тысяч рублёў. Журналіст не згодзен з такім рашэннем і збіраецца ісці далей па судах, хоць працэсы ўжо каштавалі яму два мільёны.
Ляўчук: "Такое адчуванне, што суддзя не хацела займацца гэтай справай. Выдае на тое, што ёй патэлефанавалі. Дзіўна было б у нашай краіне выйграць суд у дзяржаўнага выдання. Суддзя ўвесь час казала: падавайце ў вышэйшую інстанцыю, вы ўсё разумееце…"
Нагадаем, журналіст сцвярджае, што яго звольнілі за нежаданне пісаць "ачарняльныя" артыкулы пра падзеі 19 снежня ў Мінску. Рэдакцыя "Знамя юности" заявіла, што гэта няпраўда. Папярэдні суд абавязаў Леўчука выканаць патрабаванне газеты і за свой кошт апублікаваць у ёй абвяржэнне выказаных ім меркаванняў.