ЗША зрабілі заяву ў справе арыштаваных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў

ЗША заклікаюць беларускія ўлады гарантаваць, што расследаванне справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Юрыя Лявонава, Мікалая Аўтуховіча і Ўладзіміра Асіпенкі будзе весціся непрадузята, адкрыта і празрыста. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 5 сакавіка заяве прадстаўніцтва ЗША пры АБСЕ. "ЗША ўжо ясна далі зразумець, што галоўнай умовай нармалізацыі амерыкана-беларускіх адносін з'яўляецца прагрэс у павазе правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі", - падкрэсліваецца ў заяве.

Як зазначана ў дакуменце, раней Злучаныя Штаты віталі вызваленне ў жніўні 2008 года ўсіх міжнародна прызнаных палітычных зняволеных і "іншыя пазітыўныя крокі беларускіх уладаў", у тым ліку вяртанне ў дзяржаўную сістэму распаўсюду дзвюх недзяржаўных газет, рэгістрацыю руху "За свабоду", заяву аб гатоўнасці супрацоўнічаць з АБСЕ па пытаннях паляпшэння выбарчага заканадаўства.

"Усё гэта пазітыўныя крокі. Але яны носяць абмежаваны характар, - гаворыцца ў заяве. - Мы заклікаем беларускія ўлады распачаць наступныя пазітыўныя крокі, якія зробяць гэты прагрэс незваротным".

БелаПАН