10 ліпеня ў Беларусі пачынаецца выдача сертыфікатаў цэнтралізаванага тэставання
Выдача сертыфікатаў аб пройдзеных цэнтралізаваных тэставаннях пачынаецца ў Беларусі 10 ліпеня. Абітурыенты мусяць ісці па свае сертыфікаты туды, дзе яны здавалі ЦТ. Пры сабе трэба мець пасведчанне асобы і пропуск з адзнакай аб прахаджэнні тэставання.
Калі ў абітурыента не атрымліваецца асабіста забраць сертыфікат па паважаных прычынах (праз хваробу, удзел у міжнародных конкурсах і спаборніцтвах, службовую камандыроўку ці іншыя абставіны, якія ад яго не залежаць, але пацверджаныя дакументальна), дык за непаўналетніх гэта могуць зрабіць яго законныя прадстаўнікі. Каб гэта зрабіць, трэба мець на руках пасведчанне асобы, і дакумент, які пацвярджае статус законнага прадстаўніка, а таксама натарыяльна завераную копію пашпарта абітурыента. Яна спатрэбіцца і тым, хто забірае сертыфікат па даверанасці.
Тыя, хто праходзіў ЦТ у рэзервовыя дні (а гэта 733 чалавекі), змогуць забраць свае сертыфікаты ў БДУ з 13 ліпеня.
Асноўны этап цэнтралізаванага тэставання скончыўся 2 ліпеня экзаменам па сусветнай гісторыі. Дарэчы, на яго не прыйшло 15,7% абітурыентаў ад тых, хто на яго запісаўся.
Сёлета на цэнтралізаваным тэставанні было пастаўлена некалькі рэкордаў і антырэкордаў. Сто балаў на ЦТ у Беларусі атрымалі 314 абітурыентаў, а на тэставанне па геаграфіі не прыйшло 18,5% абітурыентаў.