Хаўер Салана сёння ў Мінску сустрэнецца з прадстаўнікамі ўлады і апазіцыі

Учора ўвечары ў Мінск з афіцыйным візітам прыбыў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па знешняй палітыцы і бяспецы Хаўер Салана.
Гэта першы візіт еўрачыноўніка такога ўзроўню ў Беларусь. Як паведамлялася раней, на сёння ў прадстаўніка Еўрасаюза запланаваныя сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, лідэрамі апазіцыйных партый, у прыватнасці кіраўніком руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаннай Літвіной.

Напярэдадні візіту Салана сказаў журналістам, што едзе ў Мінск "заявіць аб цікавасці ЕС развіваць адносіны з Беларуссю". Ён таксама адзначыў, што беларускімі ўладамі былі прынятыя "важныя рашэнні, але гэтыя рашэнні павінны суправаджацца адказнасцю ва ўсіх сферах".

БелаПАН