Лазавік: Казулін можа балатавацца ў прэзідэнты, калі з яго знятая судзімасць

Былы палітвязень Аляксандр Казулін прадстаўляе Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы на паседжанні Еўрапарламенту ў Брусэлі. Ён застаецца адной з самых вядомых у Беларусі асобаў. Але ці зможа ён балатавацца на наступных прэзідэнцкіх выбарах? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да сакратара Цэнтрвыбаркаму Мікалая Лазавіка.  М.Лазавік адзначыў, што паводле выбарчага заканадаўства кандыдаты ў прэзідэнты маюць пэўныя абмежаванні, у тым ліку — у сувязі з судзімасцю.  

М.Лазавік: І адно з абмежаванняў — кандыдатам у прэзідэнты можа быць грамадзянін, які не мае судзімасці. Калі да таго часу судзімасць з яго будзе знятая ці пагашаная, ён можа балатавацца кандыдатам у прэзідэнты.

Нагадаем, што ні сам А.Казулін, ні яго адвакат Зміцер Гарачка дагэтуль не атрымалі на рукі акт аб памілаванні, паводле якога палітвязень выйшаў на волю.