Дакументаліст Юрый Хашчавацкі атрымае расійскую ганаровую прэмію
Беларускі рэжысёр уганараваны "Лаўровай галіной" Расійскага саюза кінематаграфістаў "за ўклад у кіналетапіс".
Яе ўручаць 15 снежня ў маскоўскім кінатэатры "Мастацкі" на цырымоніі закрыцця фестывалю "Артдакфэст", інфармуе "Интерфакс-Запад".
"Гэта, канечне, было нечакана", — сказаў Юрый Хашчавацкі ў інтэрв'ю "Нашай ніве". Паводле яго словаў, ён задумаў новы праект, на рэалізацыю якога, прызнаецца, пакуль няма сродкаў. Гэта будзе фільм пад назвай "Разбэшчванне Еўропы", пра тое, як беларускі і расійскі бізнэс, карумпаваная ўлада ўплываюць на еўрапейцаў, спакушаюць, разбэшчваюць іх, уцягваючы ў зладзейскія схемы, распавёў рэжысёр.
Юрыю Хашчавацкаму 65 гадоў. Ён стаў знакамітым у 1996 годзе, калі зняў дакументальны фільм пра Аляксандра Лукашэнку — "Звычайны прэзідэнт".
Фота — bymedia.net