У Катавіцэ адбудзецца акцыя ў падтрымку Івана Шылы
Маладафронтавец адбывае 22-дзённы арышт у мінскай турме на Акрэсціна.
Іван Шыла вучыцца ва універсітэце Сілезіі па праграме Каліноўскага, таму польскія студэнты хочуць зладзіць акцыю ў яго падтрымку. Хлопец быў арыштаваны 14 лютага ў Мінску ля офісу ПЭН-цэнтру перад пачаткам уручэння прэміі “Маладога фронту” “Люблю Беларусь”. Іван адбывае пакаранне адразу за дзве леташнія акцыі — за пікет у падтрымку Змітра Дашкевіча ў Горках і за ўдзел у акцыі ў Салігорску.
Студэнты універсітэту Сілезіі 21 лютага з 11-й да 14-й гадзіны будуць заклікаць іншых маладых людзей даслаць Івану Шылу паштоўкі ў турму на Акрэсціна. А ў 12.30 адбудзецца сам флэш-моб, удзельнікі якога будуць трымаць белыя і чырвоныя шарыкі і нацыянальныя беларускія сцягі.