У Пінску паўстала алея герояў “Пінскай шляхты” (фота)
Драўляныя фігуры персанажаў камедыі занялі пляцоўку побач з мясцовым драматычным тэатрам.
Пасля дзесяцідзённай працы рэзьбяры па дрэву, якія з’ехаліся ў сталіцу Палесся са ўсёй Беларусі, прадставілі, якімі яны ўяўляюць герояў п’есы Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”.
Тут ёсць і станавы прыстаў Кручкоў з пісарам Пісулькіным, Ціхан Пратасавіцкі са сваімі жонкаю Кулінай і дачкой Марысяй, Іван Цюхай-Ліпскі з сынам Грышкай, Харытон Кутарга, і, натуральна, сам аўтар Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Прычым, на некаторых скульптурах высечаны “крылатыя выразы” з п’есы-вадэвіля.
Нагадаем, 7 чэрвеня у Пінску адкрыўся Х Рэспубліканскі плэнэр рэзьбяроў па дрэве. Тэма плэнэру — “Пінская шляхта”. Каб удзельнікі натхніліся мясцовай атмасферай, адмыслова для іх у Палескім драмтэатры паказалі спектакль па аднайменнай п’есе.



