Следчы камітэт пачаў крымінальную справу з нагоды збіцця мінчука ў "Кароне"
Следчыя выяўляюць вінаватых асобаў. Справа заведзеная за наўмыснае прычыненне менш цяжкога целавага пашкоджання.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на Следчы камітэт, паводле гэтага артыкула вінаватым пагражае штраф, або папраўчыя працы да двух гадоў, або арышт да шасці месяцаў, або абмежаванне волі да трох гадоў ці пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Нагадаем, што здарэнне з Аляксандрам Вашкевічам адбылося ў гандлёвым цэнтры "Карона" 9 траўня. Пра выпадак распавялі праваабаронцы з установы "Платформа інавэйшн".
Ахоўнікам крамы не спадабалася, што Вашкевіч не хоча пакінуць з імі сам-насам свайго сябра Локцева. Той з'еў некалькі арэшкаў у краме. У выніку ахоўнікі пачалі жорстка збіваць Вашкевіча. Медыкі дыягнаставалі ў хлопца пералом скулавай косткі, страсенне мозгу, пералом атожылка шостага пазванка шыйнага аддзела пазваночніка, ранкі на твары.
Пацярпелы, як паведамляюць праваабаронцы, накіраваў шэраг заяваў і скаргаў на дзеянні аховы гандлёвага цэнтра і міліцыянтаў. Па звестках праваабаронцаў, пасля гэтага Вашкевіча выклікаў участковы інспектар і палохаў яго крымінальнай справы за заведама лжывы данос.
Ахоўнікі крамы "Карона" збілі наведвальніка да пералому шыі (відэа)
Фота — platformarb.com