Супрацоўнік ААЦ: Звычайны чалавек нават не адчуе дзеяння ўказу пра інтэрнэт

Указ аб рэгуляванні нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт распрацаваны "для людзей і з клопатам аб людзях", лічаць у Аператыўна-аналітычным цэнтры (ААЦ) пры прэзідэнце Беларусі. У першую чаргу, растлумачыў агенцтву БелаПАН супрацоўнік цэнтра, гаворка ідзе пра тэхнічныя меры па абароне інфармацыі, што прадугледжвае правядзенне сертыфікацыі і стандартызацыі.

Хаця РУП "Белтэлеком" застаецца нацыянальным аператарам у Беларусі, ён усё ж можа пазбавіцца манаполіі на вонкавы канал інтэрнэт-сувязі. Гэтае пытанне супрацоўнікі цэнтру зараз вывучаюць.

Супрацоўнік цэнтра заявіў, што закрыцця доступу да апазіцыйных сайтаў не плануецца. "Калі сайт апазіцыйны, то ў гэтым няма нічога страшнага. Я ведаю, што ў Адміністрацыі прэзідэнта, у Саўміне можна прыйсці і спакойна купіць любую апазіцыйную газету, ніякіх праблем няма. Пытанне ў тым, што ніхто не павінен выходзіць за рамкі дазволенага, таго, што дазволенае заканадаўствам", — заявіў ён.

У той жа час цэнтр разам з Мінсувязі павінен вызначыць парадак абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інфармацыі, забароненай да распаўсюду ў адпаведнасці з заканадаўствам. Калі будзе вызначана, што на якім-небудзь інтэрнэт-рэсурсе размяшчаецца забароненая інфармацыя, то правайдэру будзе выдадзены загад абмежаваць доступ да сайта. Па словах супрацоўніка цэнтра, доступ можа быць зачынены да рэсурсаў экстрэмісцкага характару.

Па словах супрацоўнікаў аналітычнага цэнтру, звычайны просты законапаслухмяны чалавек гэтага ўказу нават не адчуе.