У Свіслацкім раёне мужчына з бензапілой помсціў за пакрыўджаную маці

У Свіслацкім раёне 39-гадовы мужчына пагражаў суседу бензапілой. Апошні напярэдадні пакрыўдзіў яго маці-пенсіянерку — штурхануў яе. Сын вырашыў адпомсціць, але толькі палохаў аднавяскоўца бензапілой, ніякіх траўмаў яму не нанёс.

Як адзначае прэс-служба міліцыі Гродзенскай вобласці, пацярпелы звярнуўся да праваахоўнікаў, была распачатая крымінальная справа па артыкуле "пагроза забойствам". Адзначаецца, што мужчына, які пагражаў бензапілой, раней не меў праблемаў з законам, а пацярпелы неаднаразова трапляў за краты.

Дарэчы, падобныя здарэнні, у якіх беларусы пагражалі ці нават выкарыстоўвалі бензапілы, не рэдкасць. У лютым у Воранаўскім раёне мужчына пагражаў бензапілой грамадзянскай жонцы і суседкам. Два гады таму на Пружаншчыне 33-гадовы муж з бензапілой накінуўся на 28-гадовую жонку. На шчасце, ён яе толькі напалохаў.

Фота з сацыяльных сетак