Вольга Іпатава выказала патрыярху Кірылу пачуццё сораму за яго віншаванне

Былы старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Вольга Іпатава звярнулася з адкрытым лістом да патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, паведамляе БелаПАН.

"Ваша віншаванне Аляксандру Лукашэнку з чарговым "элегантным" пераабраннем на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выклікала ў многіх беларусаў (думаю, і ў іншых рэгіёнах свету, дзе добра ведаюць сапраўдную цану гэтай “перамогі”), пачуццё сораму і глыбокага расчаравання", — гаворыцца ў звароце.

"Вам павінна быць добра вядома, што разгон мірнай дэманстрацыі быў заснаваны на правакацыі, і аб гэтым кажуць як шматлікія сведкі, так і бесстароннія аўдыё- і відэазапісы, — адзначае Вольга Іпатава. — Вы не маглі не чуць аб сотнях параненых, уключаючы кандыдатаў у прэзідэнты, абраных народам, якія былі па-зверску збітыя і аганьбаваныя ўсімі дзяржаўнымі мас-медыя. Вы напэўна ведаеце аб тым, што аднаго з найлепшых беларускіх паэтаў Уладзіміра Някляева пасля цяжкай траўмы галавы цягнулі па падлозе, схапіўшы яго проста з-пад кропельніцы ў бальніцы. Гэта не магло быць зроблена без прамога ўказання кіраўніка дзяржавы, якому сваім віншаваннем вы фактычна далі індульгенцыю як кіраўнік праваслаўнага рускага свету".

Іпатава нагадвае, што гэтае палітычна выверанае віншаванне прымушае ўспомніць часы, калі руская праваслаўная царква, услед за Суворавым і Мураўёвым-вешальнікам, заўзята выкараняла нацыянальную самасвядомасць беларусаў і беларускую царкву, кіруючыся не братэрскім разуменнем, а тымі ж палітычнымі разлікамі.