Выступоўца на вылучэнні дэлегатаў Усебеларускага сходу атрымаў 10 сутак

Супрацоўніка аддзела культуры Валожынскага райвыканкама Віталя Карацюка арыштавалі на 10 сутак. Нагодай стаў яго выступ на паседжанні па вылучэнні дэлегатаў на Усебеларускі сход, паведамляе nn.by. На сход прыйшло каля 400 чалавек. Спачатку выступалі імаверныя дэлегаты, а напрыканцы быў запланаваны канцэрт. У ім мусіў удзельнічаць Віталь Карацюк. Хтосьці з арганізатараў канцэрту заўважыў, што мужчына прайшоў нецвярозы, і папрасіў яго сысці са сцэны. Той спусціўся ў залу.

Калі кіраўнік райвыканкама спытаў, ці не жадае яшчэ хто з прысутных выступіць, Карацюк і захацеў. Са сцэны ён раскрытыкаваў выступоўцаў, большасць з якіх былі мясцовыя чыноўнікі. Сказаў, што хопіць, маўляў, ужо пустой балбатні, наслухаліся. Тут яму адключылі мікрафон, а затым вывелі са сцэны і адвезлі ў пастарунак. Некаторыя з удзельнікаў паседжання з залы падтрымлівалі Карацюка і крычалі, што ён адзін не пабаяўся сказаць праўду.

Начальнік аддзела культуры райвыканкама Вікенцій Адамовіч адмовіўся каментаваць інцыдэнт з удзелам свайго падначаленага.