За выходныя памежнікі затрымалі 6 аўтамабіляў кантрабандыстаў

17 спробаў кантрабанднага правозу цыгарэтаў праз беларускую мяжу зарэгістравана за мінулыя выходныя дні. Як паведамляе БелаПАН, памежнікі і мытнікі канфіскавалі больш за 11 млн 128 тыс. цыгарэт, да рашэння суду затрыманыя шэсць аўтамабіляў, якія перавозілі груз, утоены ад мытнага афармлення.

Кантрабандыстаў затрымалі на ўчастках Полацкага, Смаргоньскага, Гродзенскага і Лідскага памежных атрадаў. За правапарушэнне затрымалі па тры грамадзяніны Літвы і Польшчы, два — Латвіі, па адным — Беларусі, Расіі ды Балгарыі.

Самае буйное затрыманне кантрабандных цыгарэт было 18 кастрычніка ў пункце пропуску "Грыгараўшчына" на ўчастку Полацкага памежнага атрада. У прычэпе грузавога "Мэрсэдэса" латвійскага грамадзяніна было выяўлена 27,5 тыс. блокаў цыгарэт на 412 млн рублёў.

Затрыманы 17 кастрычніка ў пункце пропуску "Беняконі" (участак Лідскага памежнага атрада) грамадзянін Польшчы спрабаваў правезці ў хованцы 1020 пачкаў цыгарэт. У якасці хабару ён прапаноўваў памежніку ўзнагароду ў выглядзе пяці долараў.

Памежнікі Брэсцкай групы 17 кастрычніка затрымалі ў Маларыцкім раёне ў памежнай паласе двух непаўналетніх мясцовых жыхароў, у якіх пры сабе былі пакеты з рэчамі і цыгарэтамі. Сваё дачыненне да кантрабанды падлеткі адмаўляюць. Па іх словах, рэчы і цыгарэты знайшлі ў лесе, калі збіралі грыбы.