Ад расійскай атакі загарэлася Кіева-Пячэрская лаўра
Пажар у Кіева-Пячэрскай лаўры / ДСНС Кіева
У ноч на 15 чэрвеня расіяне выпусцілі па Украіне 70 ракет і 611 беспілотнікаў. Асноўны ўдар прыйшоўся на Кіеў — там загінула не менш за чатыры мірныя жыхары, яшчэ 30 параненыя.
Падчас налёту пацярпела Кіева-Пячэрская лаўра. Там пачаўся пажар, але манахі паспелі ўратаваць абразы ды іншыя святыні. Пажар узнік на на даху Успенскага сабора, на плошчы каля 800 кв.м, піша hromadske.ua.
"Кожная шкода, нанесеная гэтаму месцу, з'яўляецца балючай стратай не толькі для вернікаў, але і для ўсіх людзей, якія ўсведамляюць значэнне духоўнай, культурнай і гістарычнай спадчыны для будучых пакаленняў", — пракаментаваў намеснік Свята-Успенскай Кіева-Пячэрскай лаўры ПЦУ, япіскап Аўраамій.
"Калі пад ударам аказваецца Кіева-Пячэрская лаўра, гаворка ідзе не толькі пра Украіну. Гаворка ідзе пра спадчыну, якая належыць усяму чалавецтву. Заклікаем сусветную супольнасць узмацніць ціск на Расію, якая працягвае мэтанакіравана атакаваць украінцаў і сусветную культурную спадчыну!" — заявіла віцэ-прэм'ер па гуманітарнай палітыцы Украіны, міністр культуры Таццяна Беражная.